БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Коўне, дыпламатычнае прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з В.Ластоўскім пры літоўскім урадзе. Існавала ў 1919—23 у г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва). Размяшчалася ў будынку мін-ва бел. спраў літоўскага ўрада (існавала з канца 1918). Пасля расколу Рады БНР (1919), калі большасць дзеячаў БНР спрабавалі ажыццявіць ідэалы незалежнасці ў саюзе з Літвой, у Коўне быў створаны новы ўрад БНР, які меў права экстэрытарыяльнасці ў Літве. 11.11.1920 заключаны літоўска-бел. дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскай інтэрвенцыі. Літ. ўрад падтрымліваў урад БНР, садзейнічаў экспарту тавараў з Германіі ў Зах. Беларусь, фінансаваў правядзенне Першай Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921), прымаў паліт. бежанцаў, падтрымліваў партыз. рух на акупіраваных Польшчай зах. бел. землях. У складзе арміі Літвы дзейнічалі бел. вайсковыя фарміраванні. Бел. палітыкі намагаліся зрабіць Вільню бел.-літ. цэнтрам барацьбы супраць польск. акупацыі, фактарам аб’яднання двух брацкіх народаў. Урад БНР падтрымліваў намаганні літ. Боку правесці на тэр. Зах. Беларусі плебісцыт аб выбары паміж Польшчай і Літвой. Правал гэтых намераў, а таксама спробы Літвы вярнуць Вільню праз байкот выбараў у сейм т.зв. Сярэдняй Літвы ў канцы 1921 (у гэтым яе падтрымлівала і Беларускае прадстаўніцтва) пагоршыў адносіны літ. ўрада да бел. спраў. Пасля прызнання ў 1923 межаў польск. дзяржавы Камісіяй паслоў дзяржаў Антанты, разгрому бел. партыз. руху на акупіраваных Польшчай землях літ. ўрад перастаў падтрымліваць урад БНР, які ў канцы 1923 пераехаў у Прагу, мін-ва бел. спраў літ. ўрада закрылася, быў дэнансаваны літ.-бел. дагавор 1920.

З.В.Шыбека.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)